Все творчески! Иначе зачем?
Мова – душа народа. 21 лютага ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта асаблівы дзень для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. Наша гімназія таксама далучылася да святочных мерапрыемстваў.
Да Міжнароднага дня роднай мовы ў школьнай бібліятэцы была падрыхтавана выстава «Чытай беларускае: гэта модна!». На выставе былі прадстаўлены творы класікаў і сучасных беларускіх аўтараў, паэтычныя зборнікі, казкі і прыгодніцкія аповесці. Кожны жадаючы мог знайсці кнігу да спадобы і пераканацца: чытаць па-беларуску – сапраўды стыльна і цікава.
Асаблівы водгук у наведвальнікаў бібліятэкі выклікала акцыя «Сузор’е любімых аўтараў». Удзельнікам прапанавалі напісаць імя любімага беларускага пісьменніка і назву яго твора. На імправізаваным стэндзе з’явіліся імёны Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, а таксама сучасных аўтараў, якіх любяць і чытаюць нашы вучні.
Самым вясёлым і энергічным мерапрыемствам стаў флэш-батл “Скарагаворкі – нашы сяброўкі”. Вучні з захапленнем і цікавасцю спаборнічалі ў хуткасці і выразнасці вымаўлення беларускіх скарагаворак. “На дварэ трава, на траве дровы”, “Быў сабе баран, у бараніхі бараняня” – жартаўлівыя і мудрыя скарагаворкі не толькі весялілі, але і дапамагалі адчуць непаўторную мілагучнасць роднай мовы.
Дзень роднай мовы нагадаў усім нам, што беларуская мова – гэта не толькі школьны прадмет. Гэта жывая спадчына, якую мы павінны берагчы, любіць і перадаваць нашым нашчадкам.